Урачыстасць Святой Багародзіцы Марыі 2017

Дзякуем усім за супольную малітву і складзеныя ахвяраванні, за прыбіранне капліцы, за прадукты харчавання, якімі дзеліцеся і ўсялякія праявы зычлівасці. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

2 студзеня (панядзелак): Успамін Святога Базыля Вялікага і Грыгорыя Назіянскага, біскупаў і дактароў Касцёла

Святы Базыль нарадзіўся ў 330г. у Цэсарыіі Кападоцкай, навучаўся ў Канстантынопалі і Атэнах. Па вяртанні на айчыну праводзіў жыццё пустэльніка, але ў 370г. стаў біскупам роднага горада. Заставіў пасля сябе знакамітыя тэалагічныя працы і рэгулу, паводле якой жывуць манахі Усходняга Касцёла. Памёр 1 студзеня 379г.

Святы Грыгорый нарадзіўся ў 330г. каля Назыяну. У часы навучання пасябраваў са святым Базылем і быў яго спадарожнікам у жыцці пустэльніка. Аднак быў выбраны святаром, пазней біскупам Канстантынопаля. Праславіўся як знакаміты тэолаг і прамоўца. Паглыбіў каталіцкую навуку аб Святога Троіцы. З прычыны неспакою ў Канстантынопалі пакінуў пасаду біскупа і вярнуўся ў Назыян, дзе памёр каля 390г.

6 студзеня (пятніца): Урачыстасць Аб’яўлення Пана (Тры Каралі) – абавязковы ўдзел у літургіі. У гэты дзень узгадваем евангельскую падзею пра тое, як тры каралі (мудрацы) пакланіліся Хрысту і склалі яму ў дар золата, ладан і міру.

З урачыстасцю Аб’яўлення Пана звязаны звычай асвячэння крэйды і кадзіла. Асвячонай крэйдай на дзвярах памяшканняў пішуцца літары К+М+В і актуальны год. Гэтыя літары азначаюць ініцыялы трох каралёў: Каспер, Мельхiёр i Бальтазар. У сярэднявеччы гэта разумелася па-іншаму. Надпіс «С+М+В» (імя Каспар па-лацінску пішацца праз С) выражаў благаслаўленне: «Няхай Хрыстус благаславіць памяшканне!» («Christus mansionem benedicat»).

Святая Імша ў 7.00, 12.00, 19.00

Пасля Святой Імшы а 12.00 гадзіне з каляднай праграмай выступяць для нас падлеткі з с. Марыяй OP з Залатой Горкі.

Пасля Святой Імшы а 19.00 гадзіне адбудзецца “парафіяльнае калядаванне”. Усе разам заспяваем калядныя спевы. Запрашаем да ўдзелу.

На гэтым тыдні таксама прыпадаюць:

Першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай

Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса

Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі

У наступную нядзелю 8 студзеня Касцёл адзначае свята Хросту Пана, якім завяршаецца перыяд Божага Нараджэння. Згодна з традыцыяй, у гэта свята асвячаецца вада.

У гэты дзень  пасля св. Імшы а 12.00 гадз. нашу парафію з калядным канцэртам наведае хор „Tęcza”.

1. 3 студзеня – дзень нараджэння кс. Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Асабліва ў гэты дзень будзем маліцца ў інтэнцыі паважанага кс. Мітрапаліта. 

2. Распачалася Каляда – душпастырскія наведванні парафіянаў. На працягу гэтага перыяду кожная сям’я, якая жадае прыняць святара ў сваім доме, можа падаць картку з адрасам. Карткі ляжаць на паліцы пры ўваходзе да капліцы. Перад тым, як прыйсці да вас мы патэлефануем і папярэдзім. 

3. Інтэнцыя жывога ружанца на студзень: Каб Сын Божы, Езус Хрыстус, быў прыняты ў веры і любові, сэрцам кожнага верніка.

4. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

5. Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама ўсім Вам, дарагія Парафіяне, шматлікіх Божых ласкаў на новы 2017 год.


AddThis Social Bookmark Button