Урачыстасць Нараджэння Пана Езуса 2016

Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыгатаванне капліцы на святы Божага Нараджэння, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.

26 снежня (панядзелак) – Свята св. Стэфана, першамучаніка

Святы Стэфан быў адным з сямі памочнікаў Апосталаў у Ерусалімскім Касцёле. Паводле Дзеяў Апостальскіх, “поўны ласкі і моцы Духа Святога” абвяшчаў Добрую Навіну з мудрасцю, якой ніхто не мог супрацьстаяць. Першы мучанік, сведчачы сваёй смерццю аб праўдзівасці пасланніцтва Хрыста і Яго навукі, ажыцявіў ідэал дасканалага наследвання Пана. Існуе вялікае падабенства паміж смерццю Пана Езуса і Святога Стэфана: фальшывыя сведкі, смерць за горадам, адданне Езуса і Стэфана Богу Айцу, прабачэнне пераследвальнікам. Культ гэтага святога бярэ свой пачатак з IV стагоддзя.

7.00 – Святочная Святая Імша (на польскай мове)

19.00 – Святочная Святая Імша

27 снежня (аўторак) – ПАРАФІЯЛЬНАЯ ЎРАЧЫСТАСЦЬ СВЯТОГА ЯНА, АПОСТАЛА І ЕВАНГЕЛІСТА 

Святы Ян быў любімым вучнем Пана Езуса. Быў сведкам Перамянення Пана і пакутаў у Аліўным Садзе. На Апошняй Вячэры заснуў на грудзях Збаўцы. Паміраючы на крыжы, Пан Езус аддаў яму ў апеку Сваю Маці. Святы Ян напісаў Евангелле, тры апостальскія лісты і Апакаліпсіс. Згодна з прадказаннем Езуса Хрыста Святы Ян памёр натуральнай смерццю ў сталым узросце. Евангелле Святога Яна, якое дапаўняе іншыя, мае найглыбейшы выклад Божых таямніц. Ва Усходнім Касцёле Святому Яну нададзены тытул тэолага. У хрысціянскім іканапісе сімвалам Святога Яна ёсць арол.

7.00 – Святочная Святая Імша

12.00 – Святочная Святая Імша

19.00 – Урачыстая адпустовая Святая Імша і благаслаўленне віна. Цэлебруе мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч

28 снежня (серада): Свята Святых Немаўлят, мучанікаў

З паловы VI стагоддзя Касцёл у перыядзе Божага Нараджэння адзначае ўспамін смерці бэтлеемскіх дзяцей, закатаваных па загадзе Ірада. Святыя Немаўляты з’яўляюцца першымі плёнамі збаўчай справы, распачатай прыйсцем Хрыста на зямлю. Аддаючы жыццё за Хрыста яны атрымалі хрост крывёю і заслужылі сабе ў Бога падвойны арэол дзявіцтва і мучаніцтва.

30 снежня (пятніца): Свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа.

Святога Сям’я з’яўляецца найдасканалай сям’ёй і прыкладам для нас, нашых сем’яў. Святога Юзаф – дасканалы прыклад для айцоў – працавіты, разважлівы, заклапочаны аб доме. Найсвяцейшая Панна Марыя з’яўляецца ідэалам найлепшай маці. А Езус – непараўнальны Сын, Які будучы Богам быў паслухмяны Бацькам і шанаваў кожнае Іх слова.

Святыя Імшы ў гэты дзень а 7.00, 12.00 і 19.00.

31 снежня (субота): апошні дзень каляндарнага года.

У гэты дзень сардэчна запрашаю прыняць удзел у вечаровым набажэнстве на заканчэнне года. У вечары перад  Святой Імшой у 18.30  адбудзеца набажэнства ўдзячнасці Пану Богу за мінулы год, пасля набажэнства Святыя Імшы а 19.00 гадзіне. 

1 студзеня (нядзеля): Урачыстасць Святой Багародзіцы Марыі.

Святыя Імшы ў гэты дзень як у кожную нядзелю. 

1. Пасля святаў распачынаем Каляду – душпастырскія наведванні парафіянаў. На працягу гэтага перыяду, кожная сям’я, якая жадае прыняць святара ў сваім доме, можа падаць картку з адрасам. Карткі ляжаць на паліцы пры ўваходзе да капліцы. Перад тым, як прыйсці да вас, мы патэлефануем і папярэдзім. 

2. 6 студзеня пасля Святой Імшы а 19 гадзіне адбудзецца “парафіяльае калядаванне”. Усе разам заспяваем калядныя песні. Запрашаю да удзелу сем’і нашай парафіі.

3. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

4. Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.


AddThis Social Bookmark Button