IІ Нядзеля Адвэнту 2016

Шчыра дзякуем за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу, асабліва за супольную працу пры ўпарадкаванні тэрыторыі пад будову касцёла. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

7снежня (серада) – успамін св. Амброзія, біскупа і доктара Касцёла

Нарадзіўся ў Трэвізіо каля 340 г. Скончыў універсітэт у Рыме і, з’яўляючыся ўпраўнікам паўночнай Італіі, каля 374 г. быў абраны арцыбіскупам Медыялана (сучасн. Мілан). 7 снежня гэтага ж года прыняў біскупскае пасвячэнне. Праявіў сябе як сапраўдны пастыр і настаўнік вернікаў, з’яўляецца аўтарам шматлікіх працаў па тэалогіі, арганізатарам літургічнага спеву і аўтарам гімна «Te Deum».

Ён хрысціў св. Аўгустына. Нязломны абаронца Касцёла, сваімі творамі і дзейнасцю ён змагаўся з памылкамі арыянаў. Памёр у Вялікую суботу 4 красавіка 397 г.

8 снежня (чацвер) - Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі – абавязковая прысутнасць на літургіі.

Дадатковая Святая Імша а 12:00 гадзіне.

У гэты дзень, мы праслаўляем таямніцу Беззаганнага Зачацця Багародзіцы, якая Божаю ласкаю была захавана ад першароднага граху, кожны католік мае абавязак прыняць удзел у святой Імшы.

Дагмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі быў абвешчаны папам Піем IX у Апостальскім лісце (буле) Ineffabilis Deus («Невымоўны Бог») ад 8 снежня 1854 г.

«Каталіцкі Касцёл (...) рознымі спосабамі і красамоўнымі дзеяннямі з дня на дзень ніколі не пераставаў тлумачыць, навучаць і абгрунтоўваць вучэнне аб першапачатковай цнатлівасці гэтай велічнай Дзевы, якая з’яўляецца неад’емнаю ад Яе дзівоснай святасці і ўзнёслай годнасці Багародзіцы. Касцёл лічыў гэтую навуку атрыманай ім ад Бога і заключанай у дэпазіце нябеснага Аб’яўлення. Гэтае вучэнне прызнавалася з найстаражытнейшых часоў і глыбока ўкаранілася ў розумах вернікаў, а намаганнямі біскупаў Касцёла распаўсюдзілася ва ўсім каталіцкім свеце, паколькі сам святы Касцёл найвыразней аб ім сведчыў, без ваганняў прапануючы вернікам публічна ўшаноўваць і праслаўляць Зачацце гэтай жа Дзевы. Такая красамоўная практыка прадстаўляла Зачацце гэтай Дзевы як штосьці надзвычайнае, цудоўнае, што цалкам адрозніваецца ад зачацця ўсіх іншых людзей. Гэтае Зачацце лічылася святым, бо Касцёл адзначае толькі ўрачыстасці святых. (...) Рымскі Касцёл імкнуўся толькі да таго, каб найбольш яскрава само Беззаганнае Зачацце як культ і вучэнне абвяшчаць, захоўваць, распаўсюджваць і абараняць», — чытаем у дакуменце.

1. У нашай парафіі адбываюцца ранішнія Святыя Імшы ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Усіх вас запрашаем на РАРАТЫ ў сераду і пятніцу ў 6.45 раніцы.

2. Адвэнтавыя рэкалекцыі ў нашай парафіі пройдуць з 9 па 11 снежня, іх будзе праводзіць кс. Вадзім Ус, хрыстусовец.

Расклад:

9 снежня (пятніца): 6.45 (рараты), 12.00, 19.00* - св. Імша з навукай;

10 снежня (субота): 8.00, 12.00, 19.00* - cв. Імша з навукай, 10.30 - навука для дзяцей, 17.00 - навука для моладзі

11 снежня (нядзеля): 9.00, 10.30, 12.00*, 13.30, 18.00 - cв. Імша з навукай

Пасля вечаровай Імшы навука для моладзі.

(*) - транслюецца анлайн.

3.  Сёння можна набыць каляндары на 2017 год. Аплаткі на вігілійны стол будуць у наступную нядзелю.   

4. У наступную нядзелю ў 14.30 у капліцы адбудзецца бацькоўскі сход скаўтаў і „ваўчанят”.

5. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

6. Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.


AddThis Social Bookmark Button