I Нядзеля Адвэнту 2016

Шчыра дзякуем усім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы і прыгатаванне яе да перыяду адвэнту, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за дапамогу ў будове нашага касцёла. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

30 лістапада (серада): Свята Святога Андрэя Апостала

Паходзіў з Бэтсаіды (Галілея). Быў братам Сымона-Пятра. Абодва яны былі рыбакамі і жылі ў Капернауме, на беразе Генісарэцкага возера. Згодна з Евангеллем паводле св. Яна, Андрэй спачатку належаў да супольнасці вучняў св. Яна Хрысціцеля, а потым па парадзе свайго настаўніка пайшоў за Езусам, узяўшы з сабою брата. Такім чынам Андрэй стаў першым вучнем Хрыста, і таму ва ўсходняй традыцыі яго называюць «Першазваным». У сінаптычных Евангеллях апісана сцэна паклікання галілейскіх рыбакоў Андрэя і Пятра, якая адбылася пазней на беразе Генісарэцкага возера, пасля чаго браты ўжо не пакідалі Езуса і паўсюль спадарожнічалі яму. Паводле некаторых звестак, пасля смерці і ўваскрасення Месіі Андрэй скіраваўся на місію ў Грэцыю і Турцыю. 

30 лістапада 60 г. у грэцкім горадзе Патрасе ён прыняў мучаніцкую смерць праз укрыжаванне: апостал быў прыбіты да крыжа ў форме літары «Х» — т. зв. крыжа св. Андрэя. У Сярэднявеччы яго рэліквіі трапілі ў Амальфі ў Італіі і там спачываюць у катэдры св. Андрэя да сённяшняга дня, аточаныя вялікай пашанай. Пазней галава святога была перавезена ў Рым, але ў 1964 г. Папа Павел VI вярнуў каштоўную рэліквію ў Патрас. Свята св. Андрэя з’яўляецца важнай датай у народным календары, з якой звязана шмат традыцый (напр., «андрэйкі»). Святы з’яўляецца апекуном рыбакоў, плыўцоў, добрага сужэнства і дзяцей. Яго заступніцтва просяць ад артрыту і сутаргаў.

3 снежня (субота): Успамін Святога Францішка Ксаверыя, святара.

Святы Францішак – іспанец, пазнаёміўся ў Парыжу са Святым Ігнацыям Лаёлам, заснавальнікам Таварыства Езуса. Пад яго ўплывам стаў адным з яго гарлівых супрацоўнікаў у новым законе. Быў высланы на місію ў Індыю і навярнуў шматлікія паганскія народы. Потым распачаў Евангелізацыю ў Японіі. Меў намер падацца яшчэ і ў Кітай, але Бог яго паклікаў да вечнасці на гары Санцян каля Кантону 3 снежня 1552 года. Надзвычайная апостальская дзейнасць была плёнам яго глубокага ўнутранага жыцця і вернасці духоўным практыкаванням. Святы Францішак Ксаверый з’яўляецца апекуном каталіцкіх місій. Яго свята прыпамінае абавязак падтрымкі місій малітвай і ахвярай.

1. На гэтым тыдні таксама прыпадаюць:

Першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай

Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса

Памятаем таксама аб тым, што ў першую пятніцу месяца заўсёды ёсць магчымасць прыступіць да Сакрамэнту паяднання (споведзь), дадатковая св. Імша а 12 гадз.

Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі

Першая нядзеля месяца – а 12 гадзіне св. Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца нашай парафіі.

Інтэнцыя жывога ружанца на снежань: Каб час Адвэнту і Божага Нараджэння быў часам нашага навяртання да Езуса і духоўнага адраджэння нашых сем'яў. Аб апецы Маці Божай у справе будовы нашага касцёла.

2. Сёння мы распачалі час Адвэнту – час чакання на Прыйсце Пана, час падрыхтоўкі да ўрачыстасці Божага Нараджэння. Памятаем, што гэта час посту. На Адвэнт прынята рабіць пастановы. Заахвочваю таксама і вас прыняць на сябе постныя пастановы. Пастараймася напрацягу гэтага перыяда больш засяродзіцца над справамі нашага духовага жыцця. Належыць абмежаваць наш удзел у гучных забавах.

3. Згодна са старадаўняй традыцыяй у нашай парафіі будуць адбывацца ранішнія Святыя Імшы ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Усіх вас, разам з дзяцьмі запрашаем асаблівым чынам на РАРАТЫ ў сераду і пятніцу ў 6.45 раніцы.

4. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

5. Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.

На плённае перажываннe Адвэнту прыміце Божае благаслаўленне.


AddThis Social Bookmark Button