Нядзеля Хрыста Валадара Сусвету 2016

Сардэчна дзякую ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя сёння ахвяраванні, якія прызначаюцца на патрэбы Духоўнай Семінарыі. Асабліва дзякуем за складзеныя ахвяры на будову касцёла.  Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.

Урачыстасць Хрыста – Валадара Сусвету: гэта апошняя нядзеля літургічнага года. Наступная нядзеля 27 лістапада гэта першая нядзеля Адвэнту, якой распачынаем новы літургічны год і падрыхтоўку да ўрачыстасці Божага Нараджэння.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

21 лістапада (панядзелак): Успамін Ахвяравання НПМ 

Паводле паданняў, якія бяруць пачатак у апокрыфах, Марыю ў дзяцінстве аддалі ў ерузалемскую святыню, дзе яна і выхоўвалася. Гэтае свята адзначалася на Усходзе ўжо ў VII стагоддзі ў гадавіну пасвячэння касцёла Маці Божай у Ерузалеме. У XI стагоддзі свята было прынята Заходнім Касцёлам. Сёння Касцёл успамінае перш за ўсё Ахвяру, якая адбылася ў душы Марыі ў пачатку Яе свядомага жыцця. Марыя зяўляецца для ўсіх прыкладам жыцця, прысвечанага Богу.

22 лістапада (аўторак): Успамін Святой Цэцыліі, панны і мучаніцы

Цэцылія – адна з самых славутых мучаніц Рымскага Касцёла. Цяжка, аднак, у апісанні яе пакутаў адрозніць гістарычныя факты ад легендавых дадаткаў, якія сведчаць аб папулярнасці Святой. Паводле легенды, нягледзячы на дадзены ёю зарок чысціні, яе прымусілі да замужжа з язычнікам Валяр’янам. Аднак Пан цудоўна збярог яе дзявочасць. Святая дзева навярнула мужа і яго брата Тыбурцыя да Хрыста і разам з імі загінула пакутніцкай Смерцю праз адсячэнне галавы. Цела святой Цэцыліі было знойдзена ў катакомбах у 822 годзе і перанесена ў прысвечаную ёй базыліку за Тыбрам. Імя Святой Цэцыліі ўпамінаецца ў Рымскім Каноне. Яна – заступніца касцельнай музыкі.

24 лістапада (чацвер): Успамін Святога Андрэя Дунг-Лака, святара, і паплечнікаў, мучанікаў

Праца каталіцкіх місіянераў на в’етнамскіх землях распачалася ў XVI ст. У наступных стагоддзях шматразовы выбухалі моцныя пераследаванні, у часе якіх прынялі смерць за веру місіянеры, прыбыўшыя з Еўропы і некаторыя в’етнамцы. 19 чырвеня 1988 г. папа Ян Павел ІІ кананізаваў 119 мучанікаў в’етнамскіх, сярод іх 8 біскупаў, 37 святароў в’етнамскіх і 59 свецкіх в’етнамцаў.

1. На гэтым тыдні ў сераду і пятніцу перад вячэрняй Святой Імшой адбудзецца набажэнства за памерлых: у 18.30 – выпамінкі, Вяночак да Божай Міласэрнасці.

2 Сёння Закрыццё Святых Дзвярэй у Базыліцы Св. Пятра і завяршэнне Юбілейнага Году Міласэрнасці.

3. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.


AddThis Social Bookmark Button