XХХІI Нядзеля звычайная 2016

Дзякуем усім за супольную малітву і складзеныя ахвяраванні, за прыбіранне і ўпрыгожванне капліцы. Дзякуем за малітву за нашых памерлых на працягу ўсяго тыдня. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

9 лістапада (серада): СВЯТА ГАДАВІНЫ ПАСВЯЧЭННЯ ЛАТЭРАНСКАЙ БАЗЫЛІКІ.

10 лістапада (чацвер): успамін: Святога Льва Вялікага, папу і доктара Касцёла

Леў Вялікі паходзіў з Тасканы (Італія), але дата яго нараджэння дакладна невядома. Ён быў архідыяканам Папы Цэлестына І, а 29 верасня 440 г. сам быў абраны наступнікам святога Пятра. Як кіраўнік Касцёла ён быў непахісным абаронцам праўдзівай веры ад шматлікіх ерасяў, распаўсюджаных у тыя часы, а таксама адстойваў вучэнне пра Боскую і чалавечую натуры, з’яднаныя ў асобе Езуса Хрыста, палемізуючы ў гэтым пытанні з хрысціянскім Усходам. На славутым Халцэдонскім Саборы 451 г. Папу Льва падтрымалі ўсе прадстаўнікі Касцёла. Праз год пасля Сабору Леў Вялікі абараніў Рым ад нападу гунаў, выехаўшы насустрач іх правадыру Атылу.

Існуе паданне пра тое, што Атыла, каб напалохаць Папу, сказаў: «Я — біч Божы». «А я — леў Божы», — адказаў Папа, і правадыр варвараў, які не чакаў такой адвагі, адступіў ад Вечнага Горада. Калі праз тры гады на Рым напалі вандалы, Леў Вялікі не даў ім спаліць горад і знішчыць яго жыхароў, і таму людзі лічылі яго героем і святым. Леў Вялікі памёр у Рыме 10 лістапада 461 г. і першым з Папаў быў пахаваны ў базыліцы святога Пятра. Яго пантыфікат узняў аўтарытэт папства да найвышэйшай ступені. Святы Леў — адзін з нямногіх Папаў, якіх Касцёл ушанаваў эпітэтам «Вялікі». 

11 лістапада (пятніца) успамін: Святога Марціна Тураўскага, біскупа

Нарадзіўся паміж 316 і 317 гг. у Паноніі (сучасн. Венгрыя) у паганскай сям’і. Яго бацька, рымскі вайсковы трыбун, неўзабаве быў пераведзены ў Італію, дзе прайшло дзяцінства Марціна. Там ён пазнаёміўся з хрысціянствам і жадаў прыняць хрост, але па волі бацькі ва ўзросце пятнаццаці гадоў быў вымушаны стаць вайскоўцам. Праз нейкі час ён разам з войскам апынуўся ў Галіі (сучасн. Францыя). Аднойчы каля гарадской брамы Ам’ена Марцін убачыў жабрака, цела якога было толькі ледзь прыкрытае лахманамі, нягледзячы на холад. Малады вайсковец выцягнуў меч і, разрэзаўшы ім свой плашч, палову аддаў таму жабраку. Уначы Марцін убачыў Хрыста, захінутага ў палову яго плашча. Уражаны гэтым бачаннем, ён пакінуў вайсковую службу і прысвяціў сябе служэнню Хрысту. 

Святому давялося прайсці праз вялікія цяжкасці, але ён нястомна абвяшчаў Евангелле сярод паганаў. Найбольшай папулярнасцю Марцін карыстаўся сярод простага люду і дзякуючы гэтаму быў выбраны біскупам французскага горада Тура. Ён не пажадаў жыць у біскупскім палацы і пасяліўся ва ўбогай пустэльні непадалёк ад горада. Біскуп Турскі вызначаўся бязмежнай любоўю да ўсіх людзей і, нягледзячы на пераслед з боку нядобразычліўцаў, ніколі нікога не асуджаў. Марцін памёр 8 лістапада 397 г. непадалёк ад Тура падчас аднаго са сваіх шматлікіх душпастырскіх падарожжаў і быў урачыста пахаваны 11 лістапада. 

Над месцам яго пахавання быў пабудаваны невялікі касцёл, які ў гонар плашча Марціна пачалі называць Capella (адсюль «капліца»). Святы Марцін Турскі — адзін з найбольш шанаваных святых на Захадзе. Яго імкненне паяднаць манаскае жыццё з апостальскім служэннем стала прыкладам для ўсяго заходняга манаства. Святы Марцін з’яўляецца апекуном вайскоўцаў, краўцоў, бедных і жабракоў.

12 лістапада (субота): Успамін Святога Язафата, біскупа і мучаніка. 

Святы Язафат Кунцэвіч нарадзіўся ва Ўладзіміры–Валынскім каля 1580 года. На дваццатым годзе жыцця ён уступіў у Закон базыльянаў. У 1618 годзе стаў полацкім уніяцкім архібіскупам і самаахвярна працаваў над пашырэннем веры каталіцкага Касцёла. Аддаў жыццё за веру 12 лістапада 1623 года ў Віцебску. Астанкі знаходзяцца ў базыліцы святога Пятра ў Рыме.

1. У кожную сераду і пятніцу напрацягу ўсяго лістапада перад вячэрняй Святой Імшой адбываецца набажэнства за памерлых: у 18.30 – выпамінкі, Вяночак да Божай Міласэрнасці.

2 У нядзелю 13 лістапада, для дзяцей і моладзі нашай парафіі, адбудзецца “БАЛЬ УСІХ СВЯТЫХ” пачатак 15.00.

3. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.


AddThis Social Bookmark Button