XХVІІ Нядзеля звычайная 2016

Дзякуем усім за супольную малітву і складзеныя ахвяраванні, за прыбіранне і ўпрыгожванне капліцы, няхай Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

4 кастрычніка (аўторак) – успамін св. Францішка Асізскага

Нарадзіўся паміж 1181 і 1182 гг. у Асізі (Цэнтральная Італія) у сям’і багатага купца П’етро Бэрнардонэ. У маладыя гады Францішак быў поўным энергіі аматарам забаваў і жыццёвых задавальненняў, які марыў стаць рыцарам. Падчас вайны паміж Асізі і Перуджай Францішак на год трапіў у палон і за гэты час перажыў унутранае навяртанне. Маючы каля 25 гадоў, у невялічкім касцёле Сан Дам’яно ён пачуў голас Хрыста, які прамовіў да яго з крыжа: «Францішку, адбудуй Мой заняпалы Касцёл». Паслухмяны гэтаму наказу, зразуметаму літаральна, святы адбудаваў той касцёл. 

Калі бацька Францішка запатрабаваў вярнуць грошы, выдаткаваныя на адбудову, пагражаючы пры гэтым пазбавіць сына спадчыны, той сам адрокся ад усёй маёмасці, пакінуў бацькоўскі дом і ў карычневым габіце басанож пайшоў вандраваць як жабрак. Да святога пачалі далучацца тыя, хто падзяляў яго ідэалы, і такім чынам утварыўся жабрачы ордэн францішканцаў. Верная супрацоўніца Францішка св. Клара заснавала жаночую галіну ордэна — другі закон св. Францішка (кларыскі). Яшчэ пры жыцці святога папулярнасць францішканскіх ідэалаў так шырока распаўсюдзілася, што Францішак стварыў яшчэ і так званы «трэці закон» для людзей свецкіх. За два гады да смерці ў Францішка з’явіліся стыгматы — раны Езуса Хрыста на руках і нагах.

Тыя два апошнія гады жыцця жабрака з Асізі былі напоўнены вялікім цярпеннем: ён цяжка захварэў на малярыю і пачаў губляць зрок. Св. Францішак сустрэў смерць, якую называў «сястрою», у невялічкай хатцы ў Парцыюнкулі непадалёк ад Асізі 3 кастрычніка 1226 г. Яго рэліквія да гэтага часу захоўваецца ў крыпце цудоўнай базылікі, пабудаванай у яго гонар у Асізі. Жыццё і дзейнасць св. Францішка Асізскага, напоўненыя любоўю да ўсяго існага і замілавання навакольным светам, у найбольш глыбокім сэнсе прычыніліся да адбудовы ўсяго Касцёла на падставе нескажоных хрысціянскіх ідэалаў. Яго рэлігійная паэзія працягвае кранаць і хваляваць людзей таксама і ў наш час, а Дантэ Аліг’еры сказаў пра святога з Асізі: «Ён заззяў над светам, як узыходзячае сонца».

5 кастрычніка (серада): Успамін Святой сястры Фаўстыны

7 кастрычніка (пятніца): успамін Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай

У гэты дзень сваё парафіяльнае свята абыходзіць парафія Маці Божай Ружанцовай у Лошыцы.

Калі 7 кастрычніка 1571 года была атрымана перамога пад Лепантам над ісламскім войскам, якое паградала Еўропе, папа Пій V устанавіў у гэты дзень свята Найсвяцейшай Панны Марыі Пераможнай. Год пазней сваім рашэннем Папа Рыгор XIII змяніў назву на свята Святога Ружанца. Зрабіў гэта каб выразіць падзяку за ацаленне хрысціянства і заахвоціць верных да гарлівасці ў гэтай малітве. Святы Айцец Клімент XII у 1716 загадаў святкаванне гэтага свята ў Касцёле па ўсім свеце, аднак час святкавання быў перанесенны на першую нядзелю кастрычніка. У 1913 годзе Папа Пій X вярнуў святкаванне на 7 кастрычніка, а пачынаючы з 1969 года рашэннем святога Айца Паўла VI, 7 кастрычніка, адзначаецца свята Маці Божай Ружанцовай.

1. Пачынаючы ад 1 кастрычніка ў нашай капліцы ладзяцца ружанцовыя набажэнствы. У звычайныя дні ў 18.30 і ў нядзелю пасля святой Імшы а 12 гадзіне. 

Панядзелак – на польскай мове

Аўторак – адказная І Ружа Ружанцовая

Серада – моладзь

Чацвер – сем’і Суполкі Маці Божай END

Пятніца – дзеці

Субота – ІІ Ружа Ружанцовая

2. Сёння ад усяго сэрца віншуем настаўнікаў і выхавацеляў з іх прафісійным святам, жадаем моцы Духа Святога, заступніцтва Маці Божай і шматлікіх Божых ласкаў.

2. На гэтым тыдні таксама прыпадаюць:

Першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай

Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса

дадатковая св. Імша а 12 гадз.

3. У наступную нязелю, пасля св. Імшы на 18.00 адбудзецца моладзевае чуванне з адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту.

4.  Сённяшнія ахвяры прызначаюцца на дыяцэзіяльныя мэты.

5. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

 Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.

AddThis Social Bookmark Button