ХІХ Нядзеля звычайная 2016

Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем Ананіч Анатолю і ўсім хто дапамагаў у рамонце капліцы. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

8 жніўня (панядзелак) – Успамін Святы Дамінік, святар

Святы Дамінік, (Дамінго Гусман) нарадзіўся ў Іспаніі каля 1170 г. Атрымаўшы святарскае пасвячэнне, ён разам са сваім сябрам біскупам Дыего дэ Асэвэдо падарожнічаў па Еўропе. На Поўдні Францыі яго ўразілі сумныя наступствы распаўсюджаных у той час ерасяў альбігойцаў і вальдэнсаў. Дамінік вырашае прысвяціць сябе місіянерскай дзейнасці і сведчыць аб сапраўдным Касцёле Хрыстовым. 

За некалькі гадоў плённай працы Дамініку ўдаецца навярнуць шмат падманутых ератыкамі людзей, і вакол яго збіраецца кола аднадумцаў. У 1215 г. яны стварылі жабрачы закон вандроўных прапаведнікаў — дамініканцаў, які ўжо праз год быў зацверджаны Папам. Асноўнымі прынцыпамі дзейнасці закона сталі ўбоства і навука, скіраваная на абарону чысціні веры Касцёла. Дамінік стварыў таксама жаночую супольнасць закону (дамініканкі) у Пруйлі (Францыя). Дамінік памёр 6 жніўня 1221 г. у Балоньі і быў там пахаваны. Святы з’яўляецца апекуном краўцоў. Яго заступніцтва просяць ад граду і гарачкі.

9 жніўня (аўторак) СВЯТА – СВ. ТЭРЭЗЫ БЭНЭДЫКТЫ АД КРЫА (ЭДЫТЫ ШТАЙН), ПАННЫ І МУЧАНІЦЫ, АПЯКУНКІ ЕЎРОПЫ

Эдыта Штайн нарадзілася 12 кастрычніка 1891 г. у жыдоўскай сям’і ў Вроцлаве. Яе бацька памёр, калі Эдыце было толькі два гады. Маці выхоўвала дзевяцерых дзяцей у жыдоўскай традыцыі, але ў 14 гадоў Эдыта лічыла сябе атэісткай. Атрымаўшы атэстат сталасці, яна паступіла ва універсітэт і пачала вывучаць філасофію. Пасля абароны дысертацыі Эдыта працавала ў Фрыбургу асістэнткай вядомага фенаменолага Эдмунда Гусерля.

Аднойчы яна была моцна ўражана незвычайным даверам да Бога адной жанчыны, муж якой загінуў на вайне, і тады ў Эдыты абудзілася цікавасць да хрысціянства. Зрабіць канчатковы выбар на карысць Хрыста ёй дапамог жыццяпіс св. Тэрэзы Авільскай, прачытаўшы які, Эдыта Штайн ва ўзросце 31 года вырашыла прыняць хрост, хоць гэта і выклікала асуджэнне з боку родных. У 1934 г. яна ўступіла ў ордэн кармелітак у Кёльне, нягледзячы на пачуццё віны перад маці, якая намагалася стрымаць яе ад гэтага кроку. Эдыта прыняла ў ордэне імя Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа.

Пасля смерці маці па прыкладзе Эдыты яе сястра Ружа таксама ахрысцілася і ўступіла ў кляштар. Калі нацысты пачалі барацьбу за «расавую чысціню», Эдыта з сястрою перабраліся ў кармеліцкі кляштар у Галандыю, каб не ствараць праблемаў для сясцёр у Кёльне, але і там неўзабаве пачалася «чыстка». Сясцёр Штайн арышта- валі і адправілі ў Асвенцім, дзе яны і загінулі ў газавай камеры 9 жніўня 1942 г. Кармелітка, філосаф і мучаніца Эдыта Штайн была ў 1998 г. кананізаваная Папам Янам Паўлам ІІ, які абвясціў яе апякункаю Еўропы. 

10 жніўня (серада) Свята – св. Лаўрэнція, дыякана і мучаніка.

Паводле падання, Лаўрэнцій паходзіў з Іспаніі. Ён быў дыяканам і служыў пры св. Папе Сіксце ІІ, з якім яго звязвалі блізкія сяброўскія адносіны. 6 жніўня 258 г. падчас пераследу цэзара Валяр’яна Папу і чацвярых яго дыяканаў, у тым ліку і Лаўрэнція, арыштавалі падчас набажэнства ў рымскіх катакомбах Калікста. Папу ў той жа дзень адсеклі галаву (успамін св. Сікста ІІ, папы і мучаніка, адзначаецца 7 жніўня), а праз чатыры дні мучаніцкую смерць прыняў таксама і Лаўрэнцій: ён быў зажыва засмажаны. 

Перад смерцю цэзар патрабаваў у яго выдаць багацці хрысціянаў, на што святы, паказваючы на жабракоў, сказаў: «Вось сапраўднае багацце Касцёла!» Цела святога Лаўрэнція спачывае ў базыліцы, што носіць яго імя і з’яўляецца адным з найважнейшых касцёлаў Рыма, а галава святога — адна з найкаштоўнейшых рэліквій хрысціянства — захоўваецца ў Ватыкане. Святога Лаўрэнція заўсёды ўшаноўвалі і на Захадзе, і на Усходзе, а ў Рыме ён займае трэцяе месца пасля святых апосталаў Пятра і Паўла ў іерархіі культу. Святы лічыцца апекуном пажарных, яго заступніцтва просяць пры хваробах скуры, а таксама ад пажараў і мукаў чысца. 

11 жніўня (чацвер) Успамін св. Клары, панны.

Нарадзілася ў Асізі ў 1194 г. у арыстакратычнай сям’і. У маладосці яе моцна ўразіла вялікая перамена ў жыцці яе сябра, святога Францішка, які быў старэйшы за яе на 12 гадоў. Па яго прыкладзе яна таксама пажадала наследаваць Хрыста ў чыстасці і ўбостве. З гэтаю мэтаю ў 18 гадоў Клара пакінула бацькоўскі дом і прыняла з рук Францішка манаскае адзенне. Разам са сваёй сястрою Агнешкай яна пасялілася пры касцёле святога Дам’яна непадалёк ад Асізі, побач з якім праз нейкі час утварыўся невялікі кляштар. Ён стаў першай сядзібаю Ордэна Убогіх Сясцёр — кларысак, статут якога напісаў сам святы Францішак. 

Клара мела вельмі вялікі аўтарытэт у тагачасным Касцёле: па парады да яе звярталіся біскупы, кардыналы і Папы. Клара, якая на працягу трыццаці гадоў да самай смерці пакутавала ад хваробаў, адышла з гэтага свету 11 жніўня 1253 г. у сваім кляштары. Рэліквіі святой Клары, якая з’яўляецца апякункаю тэлебачання, знаходзяцца ў касцёле яе імя ў Асізі. Праз яе заступніцтва просяць дапамогі пры хваробах вачэй і слепаце. 

1. У наступную нядзелю 14 жніўня прыпадая наша парафіяльная урачыстасць апякуна парафіі св. Максімільяна М. Кольбэ. Адпустовая святая Імша а 12.00. На кожнай святой Імшы ёсць магчымасць атрымаць адпуст пад звычайнымі ўмовамі. Прыняць св. Камунію ў стане ласкі асвячальнай і памаліца ў інтэнцыі святога айца і Касцёла.

2. Жнівень – гэта месяц цвярозасці. Заклікаем вас на працягу ўсяго жніўня ўстрымацца ад ужывання алкагольных напояў. Свае абяцанні можна задэкляраваць у спецыяльнай «Кнізе цвярозасці».

3. У апошні тыдзень жніўня (21.08-28.08) адбудуцца ’’Канікулы з Богам’’ для дзяцей і моладзі. Запісы ў закрыстыі.  

4. Прыбіранне капліцы пасля рэмонту ў аўторак ад 10 гадзіны.

5. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.


AddThis Social Bookmark Button