ХVІІ Нядзеля звычайная 2016

Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

25 ліпеня (панядзелак) - Свята  Cвятога Якуба, апостала 

Якуб Большы, або Старэйшы, быў сынам рыбака Завядзея і Саламеі, братам святога Яна Багаслова. Разам са сваім братам Янам і святым Пятром ён быў адным з улюбёных вучняў Езуса. Якуб і яго брат за свой парывісты тэмперамент былі празваныя Езусам Баанергес — Сынамі грому. Якуб стаў сведкам уваскрашэння дачкі Яіра і перамянення Пана, а таксама быў з Хрыстом у Гэтсыманіі. Пасля ўваскрасення Збаўцы Якуб мужна абвяшчаў Евангелле, і ў 43 ці 44 г. па загадзе Ірада Агрыпы быў забіты ў Ерузалеме праз адсячэнне галавы. 

Такім чынам святы Якуб першым з апосталаў прыняў мучаніцкую смерць за Евангелле. Лічыцца, што ён абвяшчаў Добрую Навіну ў Іспаніі. Рэліквіі святога былі цудоўным чынам адшуканыя на Паўднёвым Захадзе Іспаніі: над полем, дзе спачывала яго цела, заззяла зорка. Пазней на гэтым месцы (лац. campus stellae – поле зоркі) быў заснаваны горад Сант’яга-дэ-Кампастэла, які ў Сярэднявеччы наведвала больш пілігрымаў, чым Рым і Ерузалем. Святы Якуб з’яўляецца апекуном Іспаніі і вайскоўцаў, а таксама яблыкаў і іншых пладоў. Яго заступніцтва просяць пры рэўматызме і ў малітвах аб добрым надвор’і. 

25 ліпеня касцёл абыходзіць таксама ўспамін святога Крыштафа, апекуна вадзіцеляў

26 ліпеня (аўторак) – Успамін св. св. Яўхіма і Ганны, бацькоў НПМ

Святая Ганна, маці Дзевы Марыі, паходзіла з бэтлеемскай святарскай сям’і. Яўрэйскае імя «Ганна» азначае «ласка», «міласэрнасць». Святы Яўхім, бацька Багародзіцы, верагодна, быў родам з Галілеі і паходзіў з багатай і шляхетнай сям’і. Само яго імя несла прароцкі сэнс, бо азначала «падрыхтоўка для Пана». Памёр святы Яўхім, калі Марыя была яшчэ дзіцём. Разам са св. Ганнай з’яўляецца заступнікам сужэнскіх пар.

Ушанаванне святога Яўхіма і святой Ганны распаўсюджана ва ўсім Касцёле, як на Усходзе, так і на Захадзе. Па меры таго, як распаўсюджваўся культ Маці Божай, узрастала таксама паўсюднае шанаванне яе бацькоў. Ужо ў IV–V стст. у Ерузалеме, пры былой купальні Віфезда, была пабудавана капліца, прысвечаная свв. Яўхіму і Ганне. Тут нават, згодна з паданнем, павінна размяшчацца іх грабніца. Іншым месцам іх пахавання лічаць Алейную гару.

Асаблівай пашанай была заўсёды авеяна св. Ганна. Яе культ быў і застаецца дагэтуль вельмі жывым. Імператар Юстыніян пабудаваў у Канстанцінопалі прыкладна ў 550 г. базыліку ў гонар св. Ганны. Таксама ў гонар св. Ганны паўстала 5 жаночых манаскіх ордэнаў. 

29 ліпеня (пятніца) - Успамін св. Марты 

Марта была сястрою Марыі і Лазара з Бэтаніі. Езус часта бываў у іх доме. Аднойчы, калі Езус гасціў у іх, Марта як добрая гаспадыня вельмі клапацілася, каб прыгатаваць пачастунак, а яе сястра Марыя проста сядзела каля ног Збаўцы і ўважліва слухала Яго. Гэта раззлавала Марту, але Езус сказаў, што менавіта Марыя выбрала ў гэтым выпадку «найлепшую частку».

У іншым эпізодзе з Евангелля паводле Яна, у якім апавядаецца пра ўваскрашэнне Лазара, Марта вызнае месіянства Хрыста. Паводле легенды, пасля ўваскрасення Езуса Марта разам з братам і сястрою накіравалася ў Францыю, дзе абвяшчала Евангелле і жыла ў пакаянні. Яна памерла ў хуткім часе пасля сястры і была пахаваная ў Тарасконе на Поўдні Францыі. Святая з’яўляецца апякункай хатніх гаспадыняў і работніц.

1. Асвячэнне транспартныых сродкаў адбудзецца ў панядзелак пасля Святой Імшы а 19.00

Малітва вадзіцеля

Божа, дай мне ўпэўненую руку і зоркае вока, каб я нікому не прычыніў шкоды ў дарозе. Даўца жыцця, не дазволь, каб я стаў прычынаю смерці альбо прычынаю калецтва тых, каму Ты даў жыццё. Захавай, Пане, ад няшчасных выпадкаў тых, хто падарожнічае са мною. Навучы мяне карыстацца аўтамабілем для дабра маіх бліжніх і стрымай спакусу празмернай хуткасці. Учыні, каб хараство свету, створанага Табою, і радасць Тваёй ласкі заўсёды мне спадарожнічалі. Амэн.

2. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.


AddThis Social Bookmark Button