XVІ Нядзеля звычайная 2016

Сардэчна дзякуем  усім за супольную малітву і складзеныя ахвяраванні. Асаблівым чынам дзякуем тым, хто прыбірае нашую капліцу і клапоціца аб тым, каб яна заўсёды была прыгожай. 

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

22 ліпеня (пятніца) – Успамін св. Марыі  Магдалены

Святая Марыя МагдаленаЗ IV ст. Марыя Магдалена атаясамліваецца з Марыяй з Бэтаніі. Святы Марк у Евангеллі гаворыць, што Марыя Магдалена паходзіла з мястэчка Магдалы, размешчанага на беразе Генісарэцкага возера. Яна была аздароўленая Езусам ад апантанасці (гл. Мк 16, 9) і стала Яго спадарожніцай. Усе чатыры евангелісты сведчаць пра тое, што яна прысутнічала пры смерці Хрыста і падчас Яго пахавання.

Са словаў святога Яна евангеліста мы ведаем, што нядзельнай раніцай яна накіравалася да магілы, якую знайшла пустою, а каля яе сустрэла ўваскрослага Збаўцу, стаўшы першым сведкам змёртвыхпаўстання. Хрыстус паслаў яе да апосталаў абвясціць ім гэтую радасную навіну. Пра яе далейшае жыццё захаваліся толькі легенды. Паводле некаторых з іх, Марыя Магдалена разам са сваёй сястрою Мартай і братам Лазарам прыплыла на караблі на Поўдзень Францыі, дзе абвяшчала Евангелле і жыла ў пакаянні. Святая лічыцца апякункай жанчын і цырульнікаў. Яе заступніцтва просяць ад болю вачэй.

23 ліпеня (субота) -  Свята Святой Брыгіты, законніцы, апякункі Еўропы 

Брыгіта нарадзілася ў 1303 г. непадалёк ад Упсалы (Швецыя). Ужо ў дзіцячым узросце ў бачаннях сузірала ўкрыжаванага Хрыста. У 13 гадоў яна выйшла замуж, і ў гэтым сужэнстве ў яе нарадзілася 8 дзяцей, сярод якіх святая Кацярына Шведская. Пасля пілігрымкі ў Сант’яга-дэ-Кампастэла муж Брыгіты ўступіў у кляштар, а пасля яго смерці і сама яна пажадала цалкам прысвяціць сябе Богу.

Брыгіта мела багатае духоўнае жыццё і шмат містычных бачанняў. Атрымаўшы ў падарунак ад караля надзел зямлі, заснавала на ім кляштар для новага закону — брыгітак. У 1370 г., праз дваццаць гадоў пасля заснавання, закон быў зацверджаны Папам і існуе да сённяшняга часу. Брыгіта памерла ў Рыме 23 ліпеня 1373 г. адразу пасля пілігрымкі ў Святую зямлю. Яна з’яўляецца апякункай пілігрымак і добрай смерці.

 1.Сёння трэцяя нядзеля месяца, дзякуем за ахвяры, якія складаеце на будову касцёла. У сераду а 19.00 св. Імша  ў інтэнцыі ўсіх ахвярадаўцаў.

2.Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага і св. Імша складковая. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа ў інтэнцыі будовы нашага касцёла і за ўсіх нашых ахвярадаўцаў.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.


AddThis Social Bookmark Button