ІХ Нядзеля звычайная 2016

Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за дапамогу ў збіранні ахвяраў на будову нашага касцёла ў парафіі Сымона і Алены ў Мінску. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

31 мая (аўторак) - СВЯТА АДВЕДЗІНАЎ НАЙСВ. ПАННЫ МАРЫІ 

1 чэрвеня (серада) - Успамін св. Юстына, мучаніка

Святы Юстын, мучанік Вядомы як Юстын-філосаф. Нарадзіўся каля 100 г. у Палестыне ў горадзе Флавія Неапаліс (старажытны Сыхем). Паходзіў з паганскай сям’і рымскіх арыстакратаў. Пасля знаёмства з рознымі філасофскімі вучэннямі таго часу (стаіцызм, арыстатэлізм, платанізм) звярнуўся да хрысціянства і каля 130 г. у Эфесе прыняў хрост. З васьмі вядомых працаў Юстына захаваліся толькі дзве апалогіі. У іх аўтар абараняе хрысціянаў, якіх суды Рымскай імперыі асуджалі на смерць толькі за само веравызнанне.

Юстын лічыў хрысціянства адзінай сапраўднай філасофіяй і імкнуўся выкладаць праўды веры з дапамогаю філасофскіх паняццяў і тэрмінаў. У той час для філосафа, які жадаў папаўняць свае веды, існаваў для гэтага толькі адзін спосаб: шмат падарожнічаць. Такім чынам, прайшоўшы праз розныя краіны, Юстын, нарэшце, трапіў у Рым, дзе заснаваў бясплатную школу. Разам з шасцю сваімі вучнямі ён быў абвінавачаны ў вызнанні хрысціянства і пасля адмовы прынесці ахвяру паганскім бажкам асуджаны і забіты праз адсячэнне галавы каля 165 г. 

3 чэрвеня (пятніца) - УРАЧЫСТАСЦЬ НАЙСВЯЦЕЙШАГА СЭРЦА ЕЗУСА

У гэты дзень будзем маліцца «Набажэнствам перапрашэння» за знявагу святыняў, духоўных асобаў, за грахі вернікаў і ўсялякае зло нашага народа. 

Святыя Імша а 7.00, 12.00 і а 19.00. 

4 чэрвеня (пятніца) - Успамін Беззаганнага Сэрца НПМ

1. На гэтым тыдні прыпадае:

Першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай

Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса

Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі

Першая нядзеля месяца – а 12 гадзіне св. Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца нашай парафіі.

Інтэнцыя Жывога Ружанца на чэрвень: Молімся аб аднаўленні фізічнага і духоўнага здароў’я падчас вакацый і водпуску  для нас, а таксама аб дары адкрытых сэрцаў і вачэй на Бога.

2. Нагадваем што з 1 чэрвеня 2016 зменіцца расклад набажэнстваў на час летніх канікулаў. У буднія дні св. Імша будзе толькі а 19.00, а нядзельная вечаровая св. Імша пераносіцца з 18.00 на 19.00. 

Расклад набажэнстваў:

Святая Імша ў нядзелю: 8.00, 10.30, 12.00, 19.00

у суботу:  8.00, 19.00; у будні: 19.00

3. Запрашаем прыняць удзел у пілігрымке да Будслава. Запісацца на пілігрымку можна ў закрыстыі нашай парафіі. Адбудзецца таксама аўтобусная пілігрымка. 

4. У закрыстыі можна запісваць дзяцей на катэхезу на наступны навучальны год.

5. Праз увесь месяц чэрвень штодня пасля вячэрняй Св. Імшы будуць адбывацца “Чэрвеньскія набажэнствы” на ўшанаванне Найсвяцейшага Сэрца Езуса.  У нядзелю пасля св. Імшы а 12 гадзіне.

Чэрвеньскае набажэнства — гэта пабожная практыка, праз якую мы выяўляем нашую падзяку за тую вялікую любоў, якой нас адорвае Езус Хрыстус. Праз гэтае набажэнства мы жадаем перапрасіць Пана Езуса за ўсе крыўды, якія Ён зносіць ад людзей, калі яны адкідваюць Яго любоў, а асабліва калі абражаецца Найсвяцейшы Сакрамэнт. З аб’яўленнем Маргарыце Марыі Алякок звязана таксама традыцыя набажэнстваў першых пятніц месяца. Усім тым, хто дзевяць першых пятніц месяца запар будзе прымаць святую Камунію (безумоўна, знаходзячыся ў стане асвячальнай ласкі), Хрыстус абяцае даць ласку вытрываць у добрым да канца, а таксама ласку шчаслівай смерці.

6. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.


AddThis Social Bookmark Button