Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем тым, хто прыбіраў снег каля нашай капліцы. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

У літургіі адзначаем:

26 студзеня – (панядзелак): успамін Святых Цімафея і Ціта, біскупаў

Былі вучнямі і супрацоўнікамі св. апостала Паўла. Першы быў кіраўніком касцёла ў Эфесе, а другі — на Крыце. Ім былі накіраваны пасланні Апостала народаў, т. зв. «пастырскія», у якіх знаходзяцца дасканалыя парады для пастыраў і цудоўнае навучанне для ўсіх вернікаў. 

28 студзеня (серада): Успамін Святога Тамаша Аквінскага, святара і доктара Касцёла.

Святы Тамаш нарадзіўся каля 1225 г. Быў выхаванцам абацтва Монтэ Кассіно. У маладым узросце ўступіў да ордэна дамініканаў. Вывучаў тэалогію ў Калоніі пад кіраўніцтвам Альберта Вялікага, а пасля ў Парыжы, дзе пасля сам выкладаў. З’яўляецца самым знакамітым прадстаўніком філасофіі і тэалогіі схаластычнай. Яго галоўныя працы: “Сумма тэалогіі” і “Сумма супраць паганаў” з’яўляюцца арыгінальнай сінтэзай філасофіі і тэалогіі схаластычнай. Напісаў таксама каментарый да Святога Пісання. Памёр 7 сакавіка 1274 г. па дарозе на сабор у Ліоне. З’яўляецца патронам каталіцкіх школ.

31 студзеня (субота): Успамін Святога Яна Боско, святара.

Святы Ян Боско, святар Турына, усё жыццё прысвяціў працы з моладзю. Дзеля апекі над моладзю залажыў таварыства святароў салезянаў і таксама кангрэгацыю Дачок Марыі Ўспамогі Хрысціянаў. Памёр у Турыне 31 студзеня 1888 года.

1. Працягваем Каляду – душпастырскія наведванні парафіянаў. На працягу гэтага перыяду, кожная сям’я, якая жадае прыняць святара ў сваім доме, можа падаць картку з адрасам. Карткі ляжаць на паліцы пры ўваходзе да капліцы. Перад тым, як прыйсці да вас, мы патэлефануем і папярэдзім. 

Адразу хочам вам падзякаваць за магчымасць наведаць вашыя памяшканні, за сведчанне веры, за адкрытасць і за ахвяры.

2. У наступную нядзелю пасля св. Імшы а 12.00  запрашаем на батлейку.

3. У наступную нядзелю адбудзецца спатканне Жывога Ружанца.

4. У наступную нядзелю, а 15.00 гадзіне адбудзецца спатканне сем’яў END - Суполак Маці Божай.

5. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага.


Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх ласкаў Божых. 


Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.