I Нядзеля Адвэнту 30 лістапада 2014


Шчыра дзякуем усім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы і прыгатаванне яе да перыяду адвэнту, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

3 снежня (серада): Успамін Святога Францішка Ксаверыя, святара.

Святы Францішак – іспанец, пазнаёміўся ў Парыжу са Святым Ігнацыям Лаёлам, заснавальнікам Таварыства Езуса. Пад яго ўплывам стаў адным з яго гарлівых супрацоўнікаў у новым законе. Быў высланы на місію ў Індыю і навярнуў шматлікія паганскія народы. Потым распачаў Евангелізацыю ў Японіі. Меў намер падацца яшчэ і ў Кітай, але Бог яго паклікаў да вечнасці на гары Санцян каля Кантону 3 снежня 1552 года. Надзвычайная апостальская дзейнасць была плёнам яго глубокага ўнутранага жыцця і вернасці духоўным практыкаванням. Святы Францішак Ксаверый з’яўляецца апекуном каталіцкіх місій. Яго свята прыпамінае абавязак падтрымкі місій малітвай і ахвярай.

6 снежня (субота): Успамін Святога Мікалая, біскупа.

Святы Мікалай быў біскупам Міры ў Малой Азіі ў пачатку IV стагоддзя. Яго культ пашырыўся на Захадзе пасля перанясення рэліквій святога да Бары ў Італіі. У пастырскай дзейнасці ён адзначаўся міласэрнасцю. Бог узнагародзіў яго гарлівасць і любоў дарам здзяйснення цудаў. Легенда кажа, што ноччу Святы Мікалай клаў міласціну ў дамы патрабуючых. Адгэтуль пайшоў звычай адорваць дзяцей падарункамі ў гэта свята.

1. Сёння мы распачалі час Адвэнту – час чакання на Прыйсце Пана, час падрыхтоўкі да ўрачыстасці Божага Нараджэння. Памятаем, што гэта час посту. На Адвэнт прынята рабіць пастановы. Заахвочваю таксама і вас прыняць на сябе постныя пастановы. Пастараймася напрацягу гэтага перыяда больш засяродзіцца над справамі нашага духовага жыцця. Належыць абмежаваць наш удзел у гучных забавах.

2. Згодна са старадаўняй традыцыяй у нашай парафіі будуць адбывацца ранішнія Святыя Імшы ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Усіх вас, разам з дзяцьмі запрашаем асаблівым чынам на РАРАТЫ ў сераду і пятніцу ў 6.45 раніцы.

3. У закрыстыі можна набыць аплаткі на вігілійны стол.

4. Моладзь нашай парафіі, традыцыйна прыгатавала паштоўкі на Божае нараджэнне, якія можна набыць пасля св. Імшы. Грошы сабранныя праз гэтую акцыю будуць прызначаны на патрэбы душпастырства дзяцей нашай парафіі.

5. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Свае просьбы і словы падзякі можна ўпісваць у сшытак з просьбамі да св. Антонія і ў гэтых інтэнцыя будзе адпраўлена Святая Імша. 

6. На гэтым тыдні таксама прыпадаюць:

Першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай

Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса

Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі

Першая нядзеля месяца – а 12 гадзіне св. Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца нашай парафіі.

7. Інтэнцыя жывога ружанца на снежань:

Каб час Адвэнту і Божага Нараджэння быў часам нашага навяртання да Езуса і духоўнага адраджэння нашых сем'яў. 

8. Паведамленне ККББ на распачацце Года кансэкраванага жыцця

9. Паведамленне ККББ аб правядзенні Дня малітвы за тых, хто дапамагае Касцёлу на Усходзе

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня, складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх ласкаў Божых.

На плённае перажываннe Адвэнту прыміце Божае благаслаўленне.


AddThis Social Bookmark Button