Нядзеля Хрыста Валадара Сусвету 2014

Сардэчна дзякую ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы і за іншую аказаную дапамогу, за складзеныя сёння ахвяраванні, якія прызначаюцца на патрэбы Духоўнай Семінарыі. Няхай добры Бог благаславіць Вам і вашым сем’ям.

Урачыстасць Хрыста – Валадара Сусвету: гэта апошняя нядзеля літургічнага года. Наступная нядзеля 30 лістапада гэта першая нядзеля Адвэнту, якой распачынаем новы літургічны год і падрыхтоўку да ўрачыстасці Божага Нараджэння.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

24 лістапада (панядзелак): Успамін Святога Андрэя Дунг-Лака, святара, і паплечнікаў, мучанікаў.

Праца каталіцкіх місіянераў на в’етнамскіх землях распачалася ў XVI ст. У наступных стагоддзях шматразовы выбухалі моцныя пераследаванні, у часе якіх прынялі смерць за веру місіянеры, прыбыўшыя з Еўропы і некаторыя в’етнамцы. 19 чырвеня 1988 г. папа Ян Павел ІІ кананізаваў 119 мучанікаў в’етнамскіх, сярод іх 8 біскупаў, 37 святароў в’етнамскіх і 59 свецкіх в’етнамцаў.

25 лістапада (аўторак): успамін Святой Кацярыны Александрыйскай, панны і мучаніцы

Паводле падання, Кацярына да хросту мела імя Дасіфея. Яна нарадзілася ў 294 г. у Александрыі Егіпецкай у сям’і мясцовага валадара. Як апавядае Жыціе, дзяўчына вылучалася незвычайнай прыгажосцю і выключнымі здольнасцямі, але разам з тым была вельмі ганарыстаю і не жадала выйсці замуж ні за каго, хто б не пераўзыходзіў яе ва ўсіх адносінах. Маці Кацярыны, патаемная хрысціянка, адвяла дачку да пустэльніка, які распавёў дзяўчыне пра такога Жаніха: «Я ведаю аднаго цудоўнага Юнака, які непараўнальна перавышае цябе ва ўсіх тваіх талентах.

Прыгажосць Яго святлейшая са сонечнае святло, мудрасць Яго кіруе ўсімі пачуццёвымі і духоўнымі істотамі, багацце Ягоных скарбаў распаўсюджана ва ўсім свеце і ніколі не змяншаецца, а Яго высакароднасць невымоўная і неспасцігальная. Ва ўсім свеце няма падобнага Яму». Неўзабаве Кацярына мела містычнае бачанне і прыняла хрост, які цалкам перамяніў яе жыццё: дзяўчына зразумела, што з гэтага часу яно назаўсёды належыць яе сапраўднаму Жаніху — Езусу Хрысту. На пачатку IV ст. рымскім цэзарам быў Максэнцый, які жорстка пераследаваў хрысціянаў. Запрошаная аднойчы на нейкае паганскае свята, Кацярына адважна адмовілася ўдзельнічаць у ім, сказаўшы, што паганскія бажкі — усяго толькі ідалы, і сваім красамоўствам вельмі занепакоіла цэзара. Максэнцый склікаў пяцьдзесят лепшых філосафаў, якія павінны былі даказаць памылковасць выказванняў Кацярыны, але ў спрэчцы з дзяўчынаю яны не змаглі яе абвергнуць і навярнуліся самі. Раз’юшаны цэзар загадаў іх спаліць, а Кацярыну ўкінуў у падзямелле, дзе яе жорстка катавалі: марылі голадам, бічавалі, распіналі на колах з цвікамі і нажамі, што раздзіралі яе цела, але раны цудоўным чынам загойваліся. Тады па загадзе цэзара ёй адсеклі галаву. Рэліквіі Кацярыны Александрыйскай былі ў VI ст. цудоўным чынам знойдзены на гары Сінай, дзе быў заснаваны кляштар яе імя. Святая з’яўляецца апякункаю дзяўчат і нявестаў, настаўнікаў, студэнтаў і вучняў, а таксама прадстаўнікоў усіх прафесій, звязаных з колам.

30 лістапада (нядзеля): Свята Святога Андрэя Апостала

Паходзіў з Бэтсаіды (Галілея). Быў братам Сымона-Пятра. Абодва яны былі рыбакамі і жылі ў Капернауме, на беразе Генісарэцкага возера. Згодна з Евангеллем паводле св. Яна, Андрэй спачатку належаў да супольнасці вучняў св. Яна Хрысціцеля, а потым па парадзе свайго настаўніка пайшоў за Езусам, узяўшы з сабою брата. Такім чынам Андрэй стаў першым вучнем Хрыста, і таму ва ўсходняй традыцыі яго называюць «Першазваным». У сінаптычных Евангеллях апісана сцэна паклікання галілейскіх рыбакоў Андрэя і Пятра, якая адбылася пазней на беразе Генісарэцкага возера, пасля чаго браты ўжо не пакідалі Езуса і паўсюль спадарожнічалі яму. Паводле некаторых звестак, пасля смерці і ўваскрасення Месіі Андрэй скіраваўся на місію ў Грэцыю і Турцыю. 

30 лістапада 60 г. у грэцкім горадзе Патрасе ён прыняў мучаніцкую смерць праз укрыжаванне: апостал быў прыбіты да крыжа ў форме літары «Х» — т. зв. крыжа св. Андрэя. У Сярэднявеччы яго рэліквіі трапілі ў Амальфі ў Італіі і там спачываюць у катэдры св. Андрэя да сённяшняга дня, аточаныя вялікай пашанай. Пазней галава святога была перавезена ў Рым, але ў 1964 г. Папа Павел VI вярнуў каштоўную рэліквію ў Патрас. Свята св. Андрэя з’яўляецца важнай датай у народным календары, з якой звязана шмат традыцый (напр., «андрэйкі»). Святы з’яўляецца апекуном рыбакоў, плыўцоў, добрага сужэнства і дзяцей. Яго заступніцтва просяць ад артрыту і сутаргаў.

1. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Свае просьбы і словы падзякі можна ўпісваць у сшытак з просьбамі да св. Антонія і ў гэтых інтэнцыя будзе адпраўлена Святая Імша. 

2. У гэтую сераду і пятніцу апошнія набажэнства лістапада падчас якіх молімся за нашых памерлых: у 18.30 – Нешпары, выпамінкі, Вяночак да Божай Міласэрнасці.

3. Моладзь нашай парафіі, традыцыйна прыгатавала паштоўкі на Божае нараджэнне, якія можна набыць ў наступную нядзелю. Грошы сабранныя праз гэтую акцыю будуць прызначаны на патрэбы душпастырства дзяцей нашай парафіі.

4. Аб’яўляем набор да параф’яльнага хору. Рэпетыцыя  хору ў пятніцу а 19.00, падрабязныя інфармацыі ў святароў, альбо кіраўніка хору.

5. Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня, складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх ласкаў Божых.

AddThis Social Bookmark Button