XXVІ Нядзеля звычайная 2014

Сардэчна дзякую ўсім за супольную малітву, складзеныя ахвяраванні, за прыбіранне капліцы і за дапамогу. 

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

29 верасня (панядзелак) Урачыстаць св. Міхала Арханёла (апекуна Мінска-Магілёўскай правінцыі Касцёла), св. Габрыэля і Рафала, арханёлаў

Дадатковая Св. Імша а 12:00 гадзіне.

Арханёл Міхал — Апякун Касцёла ў Беларусі — мае шмат розных найменняў: Князь Анёлаў, Анёл Справядлівасці, Ахоўнік Раю, Абаронца Хрыстовага Касцёла, Князь Душаў, Пасланнік Бога, які перадае людзям Божыя наказы. Імя Міхал (габрэйск. Міхаэль), што азначае хто як Бог?, некалькі разоў узгадваецца ў Святым Пісанні, а асабліва ў Апакаліпсісе святога Яна Багаслова (Ап 12, 7-12), дзе апісваецца змаганне Анёлаў Божых на чале з Арханёлам Міхалам і ўзбунтаваных супраць Бога анёлаў сатаны.

У Евангеллі гаворыцца яшчэ пра аднаго Арханёла — Габрыэля, які прадказаў святару Захарыі нараджэнне сына — святога Яна Хрысціцеля, а Панне Марыі звеставаў нараджэнне Езуса Хрыста. Арханёл Рафал згадваецца ў старазапаветнай кнізе Тобія. Ён ахоўвае людзей ад хваробаў і ранаў, лечыць іх, а таксама апякуецца і спрыяе тым, хто ў дарозе. Акрамя таго, Арханёл Міхал лічыцца апекуном вайскоўцаў, Габрыэль — паштароў, а Рафал — медыкаў.

30 верасня (аўторак) успамін св. Гераніма, святара і доктара Касцёла

Геранім Стрыдонскі, (330 — ~419, Віфлеем) – пісьменнік-палеміст, філолаг, перакладчык на лацінскую мову тэкстаў Бібліі. Тэкст яго перакладу, вядомы пад назваю Вульгаты, на Трыенскім касцёльнам саборы (1545) быў прызнаны кананічным, а сам Геранім лічыцца адным з вялікіх айцоў хрысціянскага касцёла, якога каталіцкі касцёл прылічыў да святых.

Нарадзіўся ў Далмацыі ў 330 у сям'і грэка або ілірыйца. У Рыме атрымаў выдатную для свайго часу адукацыю, потым наведаў іншыя навуковыя цэнтры. У 373 накіраваўся на Блізкі Усход, папярэдне прыняўшы хрысціянства. Два гады правёў у Антыёхіі, пасля накіраваўся ў Халкідонскую пустыню, дзе аддаўся подзвігам аскетызму, вывучэнню яўрэйскай і халдзейскай моў. Наведаўшы Палесціну, Геранім накіраваўся ў Канстанцінопаль, а адтуль зноў у Рым, дзе папа Дамас I зрабіў яго сваім дарадчыкам. Пасля смерці папы (385) назаўсёды пакінуў сталіцу імперыі, вярнуўся ў Палесціну і пасяліўся ў Віфлееме, дзе заснаваў мужчынскі манастыр, вучыў дзяцей і манахаў. Там ён сабраў вялікую бібліятэку, паглыбляў свае веды па старажытных мовах і літаратурах і займаўся перакладам Бібліі на лацінскую мову. Пераклад Геранім, вядомы пад назвай Вульгаты, пасля афіцыйна быў прызнаны каталіцкім касцёлам кананічным. Ен напісаў шэраг палемічных твораў на розныя тэмы, тлумачэнняў да асобных біблейскіх кніг («Быццё», «Эклезіяст», Евангелле ад Мацвея, Пасланні апостала Паўла і інш.), якія ў хрысціянскай літаратуры лічацца аднымі з найлепшых. Яго дагматычныя творы маюць востра палемічны характар, бо іх аўтар быў выдатным майстрам палемікі. За сваё жыццё Геранім напісаў каля 180 твораў. Памёр у Віфлееме каля 419. Праваслаўная царква называе яго блажэнным, а каталіцкая прылічыла да святых.

1 кастрычніка (серада) успамін Cвятой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, панна і доктар Касцёла 

Тэрэза Мартэн нарадзілася 2 студзеня 1873 г. у Алянсоне (Францыя). У пятнаццацігадовым узросце здзейснілася яе самае вялікае жаданне: нягледзячы на вельмі малады ўзрост, ёй было дазволена ўступіць у кармэліцкі кляштар у Лізьё. Сёстры з супольнасці часта яе не разумелі і ставіліся да яе скептычна. Духоўныя пакуты Тэрэзы абцяжарваліся пакутамі фізічнымі, якія яна цярпела з-за цяжкай формы сухотаў, на якія захварэла ў кляштары. Гэтыя цярпенні Тэрэза жадала ахвяраваць за грэшнікаў.

Маладая кармэлітка зносіла выпрабаванні з годнай здзіўлення мужнасцю: з яе твару ніколі не знікала ўсмешка, а сама яна заўсёды была гатовая служыць бліжнім. Свой духоўны вопыт Тэрэза апісвае ў кніжцы «Гісторыя адной душы». Святасць яна разумее як бязмежны давер да Бога і стаўленне дзіцяці ў адносінах да Яго міласэрнай любові. Свой «малы шлях» да святасці Тэрэза ад Дзіцятка Езус прайшла праз поўнае прысвячэнне сябе Богу і ахвяры за збаўленне свету. Яна адышла ў вечнасць 30 верасня 1897 г. ва ўзросце 24 гадоў. У 1997 г. падчас Сусветнага дня моладзі ў Парыжы Слуга Божы Ян Павел ІІ абвясціў святую Тэрэзу, якую часам называюць «Малой», доктарам Касцёла. У гісторыі Касцёла яна стала трэцяй святой жанчынай, якая атрымала гэты тытул.

2 кастрычніка ( чацвер) успамін св. Анёлаў Ахоўнікаў

4 кастрычніка (субота) успамін св. Францішка заснавальніка трох ордэнаў.

Нарадзіўся паміж 1181 і 1182 гг. у Асізі (Цэнтральная Італія) у сям’і багатага купца П’етро Бэрнардонэ. У маладыя гады Францішак быў поўным энергіі аматарам забаваў і жыццёвых задавальненняў, які марыў стаць рыцарам. Падчас вайны паміж Асізі і Перуджай Францішак на год трапіў у палон і за гэты час перажыў унутранае навяртанне. Маючы каля 25 гадоў, у невялічкім касцёле Сан Дам’яно ён пачуў голас Хрыста, які прамовіў да яго з крыжа: «Францішку, адбудуй Мой заняпалы Касцёл». Паслухмяны гэтаму наказу, зразуметаму літаральна, святы адбудаваў той касцёл.

Калі бацька Францішка запатрабаваў вярнуць грошы, выдаткаваныя на адбудову, пагражаючы пры гэтым пазбавіць сына спадчыны, той сам адрокся ад усёй маёмасці, пакінуў бацькоўскі дом і ў карычневым габіце басанож пайшоў вандраваць як жабрак. Да святога пачалі далучацца тыя, хто падзяляў яго ідэалы, і такім чынам утварыўся жабрачы ордэн францішканцаў. Верная супрацоўніца Францішка св. Клара заснавала жаночую галіну ордэна — другі закон св. Францішка (кларыскі). Яшчэ пры жыцці святога папулярнасць францішканскіх ідэалаў так шырока распаўсюдзілася, што Францішак стварыў яшчэ і так званы «трэці закон» для людзей свецкіх. За два гады да смерці ў Францішка з’явіліся стыгматы — раны Езуса Хрыста на руках і нагах Тыя два апошнія гады жыцця жабрака з Асізі былі напоўнены вялікім цярпеннем: ён цяжка захварэў на малярыю і пачаў губляць зрок. Св. Францішак сустрэў смерць, якую называў «сястрою», у невялічкай хатцы ў Парцыюнкулі непадалёк ад Асізі 3 кастрычніка 1226 г. Яго рэліквія да гэтага часу захоўваецца ў крыпце цудоўнай базылікі, пабудаванай у яго гонар у Асізі. Жыццё і дзейнасць св. Францішка Асізскага, напоўненыя любоўю да ўсяго існага і замілавання навакольным светам, у найбольш глыбокім сэнсе прычыніліся да адбудовы ўсяго Касцёла на падставе нескажоных хрысціянскіх ідэалаў. Яго рэлігійная паэзія працягвае кранаць і хваляваць людзей таксама і ў наш час, а Дантэ Аліг’еры сказаў пра святога з Асізі: «Ён заззяў над светам, як узыходзячае сонца».

У гэты дзень таксама абыходзіць сваі імяніны наш сусед кс. Пробашч Францішак Рудзь


На гэтым тыдні таксама прыпадаюць:

Першы чацверг месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай

Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса

Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі

Першая нядзеля месяца – а 12 гадзіне св. Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца нашай парафіі.

Інтэнцыя жывога ружанца на кастрычнік: молімся за ўдзельнікаў Сіноду Біскупаў, прысвечанаму сужэнству і сям'і і за сем’і нашай парафіі.

1. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Свае просьбы і словы падзякі можна ўпісваць у сшытак з просьбамі да св. Антонія і ў гэтых інтэнцыя будзе адпраўлена Святая Імша.

2. Пачынаючы ад 1 кастрычніка ў нашай капліцы будуць ладзіцца кастрычніцкія ружанцовыя набажэнствы. У звычайныя дні пасля святой Імшы ў вечары – прыкладна а 19 30 і ў нядзелю пасля святой Імшы а 12 гадзіне – прыкладна а 13 гадзіне. Дзяцей і моладзь асабліва запрашаем ў сераду і ў пятніцу.

3. 4-5 кастрычніка – у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пройдзе Ружанцовы Кангрэс, з планам гэтага мерапрыемства мажна пазнаёміцца на дашцэ аб’яваў.

4. У наступную нядзелю а 10:30 асаблівым чынам будзем маліцца ў інтэнцыі настаўнікаў і выхавацеляў.

5. З сённяшняга дня распачынаем малітвы ў інтэнцыі Сіноду Біскупаў, прысвечанага сужэнству і сям'і.

6. 3 кастрычніка ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску пройдзе адмысловае францішканскае набажэнства «Transitus». Набажэнства з’яўляецца знакам памяці аб смерці св. Францішка з Асізі, які памёр у ноч з 3 на 4 кастрычніка 1226 года. Пачатак набажэнства ў 19.00.


Расклад катэхезы ў нашай парафіі:

Падрыхтоўка да Першай Камуніі:

1 год падрыхтоўкі панядзелак 18.00

2 год падрыхтоўкі панядзелак 19.00

Падрыхтоўка дзяцей старшага узросту да Першай Камуніі субота 12.00

Дзеці пасля Першай Камуніі субота 11.00 

6-7 классы чацвер 17.00

8-9 классы серада 17.00




AddThis Social Bookmark Button