XXIV Нядзеля звычайная 2014

Сардэчна дзякую ўсім за супольную малітву, складзеныя ахвяраванні, за прыбіранне капліцы і за дапамогу. Асаблівым чынам дзякую ўсім, хто прыгатаўляў сёняшнюю ўрачыстасць і дапамагаў, асабліва на кухне.
•    Сёння падчас святой Імшы а 12 гадзіне, пасад пробашча нашай парафіі прыме а. Алег Шпець, хрыстусовец. Увод у пасад, учыніць кс. дзекан магістр Уладыслаў Завальнюк.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
16 верасня (аўторак) Успамін Святых Карнэлія, Папа, і Кіпрыяна, біскупа, мучанікаў
Рымлянін Карнэлій быў абраны Папам у сакавіку 251 г. Ён паслядоўна адстойваў магчымасць пакаяння і вяртання ў Касцёл хрысціянаў, якія адышлі ад веры падчас пераследу. Цэзар Гал ізноў пачаў пераследаваць вызнаўцаў Хрыста, і ў чэрвені 253 г. Папа Карнэлій быў асуджаны на выгнанне. Ён памёр у верасні таго ж года ў Чывітавэк’і, непадалёк ад Рыма. З прычыны шматлікіх выпрабаванняў і прыніжэнняў, якія давялося перажыць Карнэлію, ён лічыцца мучанікам. Захаваліся два лісты святога, адзін з якіх скіраваны да Кіпрыяна — тагачаснага біскупа Карфагена.
Кіпрыян нарадзіўся ў Карфагене каля 200 г. у заможнай паганскай сям’і. Маючы ўжо каля 45-ці гадоў, Кіпрыян прыняў хрост і святарскае пасвячэнне, стаўшы ў хуткім часе біскупам Карфагена і кіраўніком касцёла ў Паўночнай Афрыцы. Падчас пераследу хрысціянаў ён кіраваў сваім Касцёлам з укрыцця, ведучы перапіску з вернікамі. Вярнуўшыся ў Карфаген, ён, як і Папа Карнэлій, адстойваў магчымасць пакаяння для тых, хто ў перыяд пераследу адышоў ад Касцёла. З наступнаю хваляю пераследу Кіпрыян быў спачатку асуджаны на выгнанне, але пазней на судовым працэсе яму вынеслі смяротны прысуд і 14 верасня 258 г. адсеклі галаву. Перад смерцю Кіпрыян даў свайму кату 25 залатых манет. Ён пакінуў шмат значных твораў і навуковых працаў, якія мелі вялікі ўплыў на развіццё хрысціянскай думкі. Святы Карнэлій з’яўляецца апекуном земляробаў. Яго заступніцтва просяць пры хваробах вушэй і пры канвульсіях, а Кіпрыяна — аб выратаванні ад чумы.
17 верасня (серада): СВЯТА СТЫГМАТАЎ СВЯТОГА ФРАНЦІШКА З АСІЗІ.
Быў год 1223 падчас малітвы на гары Альвэрна Францішку зьявіўся вобраз укрыжаванага сэрафіма. Калі ён зьнік, на руках, нагах і грудзях Францішка засталіся стыгматы — раны на ўзор ранаў укрыжаванага Хрыста.
18 верасня (чацверг): успамін Святога Станіслава Косткі, законніка.
Святы Станіслаў Костка нарадзіўся ў Расткове на Мазоўшы напрыканцы снежня 1550 года. З дзяцінства адзначаўся набажэнствам да Найсвяцейшага Сакра-мэнту і да Маці Божай. Разам з братам быў высланы да іезуіцкіх школаў у Ведню. Меў аб’яўленне Маці Божай, якая параіла яму ўступіць да закону іезуітаў. Па той прычыне, што не мог разлічваць на дазвол бацькоў, пераапрануты ўцёк з Ведня, пеша дабраўся да Дылінгі ў Баварыю і з’явіўся ў святога Пятра Канізыя. Той святы выслаў яго да Рыму, дзе святы Францішак Боргаш прыняў Станіслава да навіцыяту. У навіцыяце Станіслаў будаваў усё асяродзе ўзорным жыццём. Запалены полымем Божай любові выпрасіў сабе смерць у свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў 1568 годзе. Яго рэліквіі знаходзяцца ў Рыме ў касцёле святога Андрэя на Квірынале. Святы Станіслаў з’яўляецца патронам Польшы.
20 верасня (субота): успамін Святых Андрэя Кім, святара, і Паўла Чонг Хасанга і паплечнікаў, мучанікаў.
З пачаткам XVII стагоддзя хрысціяне занеслі хрысціянства да Карэі. А толькі ў 1836 годзе туды прыбылі місіянеры з Францыі. Выбухлі крывавыя пераследванні, у якіх 103 мучаніка аддала жыццё за веру, паміж імі першы карэйскі святар Андрэй Кім і выдатны апостал свецкі Павел Хонг.
•    Учора а. Алег Шпець, новы пробашч нашай парафіі абыходзіў дзень нараджэння. Жадаем яму Божага благаслаўлення, апекі Маці Божай і шматлікіх дароў Духа Святога.
•    Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Свае просьбы і словы падзякі можна ўпісваць у сшытак з просьбамі да св. Антонія і ў гэтых інтэнцыя будзе адпраўлена Святая Імша.
•    У закрыстыі можна запісаць дзяцей на заняткі па рэлігіі – на катэхэзу.


AddThis Social Bookmark Button